1970 год

Трыбунал

Трагікамедыя “Трыбунал” была напісана ў 1969 годзе. Захаваўся першы варыянт рукапісу п’есы, у якім пазначаны даты напісання: 6.IV/1969 г. – 8.IV/1969 г. Ждановічы. Дача. Упершыню была надрукавана ў газеце “Звязда” у верасні 1970 года. Пазней публікавалася ў часопісе “Полымя ”, (1970, № 10). У перакладзе на рускую мову друкавалася ў часопісе “Неман” (1971, № 6).

Упершыню п’еса была пастаўлена ў Маскоўскім тэатры на Малой Броннай рэжысёрам Аляксандрам Леанідавічам Дунаевым. Галоўную ролю Цярэшкі Калабка выканаў Леў Дураў.

П’еса “Трыбунал” была пастаўлена ў Віцебскім акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, рэжысёр Сямён Казіміроўскі.

 З вялікім поспехам прайшла прэм’ера “Трыбунала” ў тэатры імя Янкі Купалы. Спектакль паставіў рэжысёр Валерый Раеўскі. Галоўныя ролі выканалі вядомыя беларускія акцёры Галіна Макарава і Генадзь Аўсяннікаў. У рэпертуары Купалаўскага тэатра “Трыбунал” затрымаўся больш як на 20 гадоў.

Сустрэўся з драматургіяй Макаёнка і польскі глядач. Адбылося гэта ў 1973 годзе, калі рэжысёр Збігнеў Бесерта паставіў “Трыбунал” на сцэне тэатра імя Аляксандра Вянгеркі ў Беластоку. Гледачы вельмі цёпла прынялі спектакль. Размаўляючы на польскай мове, беларускі Цярэшка расказваў гледачам аб тых цяжкіх ваенных выпрабаваннях, што выпалі на долю беларускага народа. “Газета Беластоцка” адзначала, што спектакль стаў прыкметнай з’явай у тэатральным жыцці Беласточчыны.

На самых розных мовах народаў СССР: узбекскай, украінскай, літоўскай, малдаўскай і інш. – разыгрывалася гісторыя пра беларускага селяніна Цярэшку Калабка і яго сям’ю.

Ставілася п’еса і на сцэнах тэатраў Еўропы: ГДР, Чэхаславакіі, ФРГ, Югаславіі, Іспаніі, Балгарыі і інш.

У архіве Андрэя Макаёнка захаваўся дакумент, які сведчыць, што за 4 гады (1977–1980 г.г.) п’еса “Трыбунал” была пастаўлена 186 разоў.

Не страціла сваёй актуальнасці яна і зараз. Яе ставяць як прафесійныя, так і самадзейныя тэатры. Так, у 2005 годзе, да 60-годдзя Вялікай Перамогі, Купалаўскім тэатрам п’еса была прадстаўлена на тэматычным Міжнародным фестывалі “Этот День Победы” ў Маскве. Рэжысёрам выступіў Валерый Анісенка. Пазней са спектаклем “Трыбунал” (сумесны беларуска-рускі праект) ён ўдзельнічаў у прэстыжным Міжнародным тэатральным форуме “Залаты Віцязь”.

Да 70-гадовага юбілею Вялікай Перамогі п’еса “Трыбунал” была пастаўлена Сяргеем Кулікоўскім у Новым драматычным тэатры ў Мінску. Ставілі яго і іншыя прафесійныя і самадзейныя тэатры Беларусі і Расіі.

Паводле “Трыбунала” Андрэй Макаёнак сумесна з пісьменнікам Артурам Вольскім напісалі лібрэта да аперэты “Судны час” беларускага кампазітара Рыгора Суруса. Аперэта была пастаўлена ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі.

У 1974 годзе п’еса “Трыбунал” была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа (сумесна з п’есай “Таблетку пад язык”).

 Паводле п’есы было знята дзве тэлеверсіі: у 1973 годзе – спектакля Маскоўскага тэатра на Малой Броннай і ў 1981 годзе – спектакля Беларускага тэатра імя Янкі Купалы.

Макаёнак, А. Я. Трыбунал [Рукапіс] : народная трагікамедыя ў 1-й дзеі / А. Я. Макаёнак. – Ждановічы, 1969. – 36 л. ; 20,5х29,0см. ; 27–29 радкоў. – Першапачатковы варыянт.

36 ліст рукапіснага тэксту сінім сцержнем на беларускай мове. У тэксце аўтарскія праўкі чырвоным сцержнем. На першай старонцы рукапісу з правага боку, уверсе, стаіць дата: 6. IV– 969 г. Падкрэслена. Ніжэй – Ждановічы. На апошняй старонцы злева, унізе, стаіць дата: 8.IV–1969 г. Ждановічы. Дача.

Мяркуецца, што гэта першы варыянт п’есы “Трыбунал”.

Макаёнок, А. Е. Трибунал [Рукопись] : пьеса / А. Е. Макаёнок. [Б.м.],1969. – 49 л. ; 20,0х29,0 см. ; 28 – 30 строк.

48 лістоў рускамоўнага тэксту. Тэкст напісаны ад рукі сінім стрыжнем. У тэксце нязначныя праўкі аўтара. Рукапіс пачынаецца з восьмай старонкі. На апошняй старонцы стаіць дата: “22/XII–1969 г.” і подпіс: “А. Макаёнак”.

Макаёнак, А. Я. Непакорная сям’я [Рукапіс] : музычнае прадстаўленне ў дзвюх дзеях у стылі народнага лубка паводле п’есы “Трыбунал” / А. Я. Макаёнак ; камп. Р. Сурус ; вершы А. Вольскага. – [Б. м.],1981. – 50 л. ; 20,5х29,5 см. ; 30 радкоў.

50 асобных лістоў машынапіснага тэксту на беларускай мове. На тытульным лісце імя і прозвішча аўтара: “Андрэй Макаёнак”. Крыху ніжэй пасярэдзіне ліста назва: “Непакорная сям’я”. Падкрэслена. Яшчэ ніжэй: “Музычнае прадстаўленне ў дзвюх дзеях у стылі народнага лубка”. Ніжэй: “кампазітар – Рыгор Сурус, вершы Артура Вольскага”. Унізе ліста: “1981 г.” У правым крайнім вугле стрыжнем сіняга колеру пазначаны тэлефоны: “66-68-90 дом., 23-26-09 сл.” У тэксце маюцца праўкі, закрэсліванні стрыжнем сіняга колеру.

Да выбару года