1960 год

Лявоніха на арбіце

Камедыя “Лявоніха на арбіце” была напісана ў 1960 годзе. Упершыню была апублікавана ў часопісе “Полымя” (1961, № 1). П’еса была перакладзена на многія мовы народаў СССР і замежжа: украінскую, латышскую, славацкую, балгарскую і іншыя.

Прэм’ера адбылася ў тэатры імя Янкі Купалы. Рэжысёрам выступіў Барыс Уладзіміравіч Эрын. Галоўныя ролі выканалі: Лявон – народны артыст Беларусі, народны артыст СССР Барыс Віктаравіч Платонаў, Лушка – народная артыстка Беларусі, народная артыстка СССР Галіна Кліменцьеўна Макарава. Прэм’ера супала з палётам Гагарына ў космас. Гэта супадзенне выклікала ў гледачаў дадатковыя радасныя эмоцыі. Пастаноўка Купалаўскага тэатра карысталася вялікім поспехам.

Шмат цікавых пастановак “Лявоніхі на арбіце” было рэалізавана на сцэнах тэатраў братніх рэспублік былога Савецкага Саюза. Вельмі шырока ставілася і ставіцца п’еса самадзейнымі калектывамі.

Макаёнак, А. Я. Рагаты басціён [Рукапіс] : камедыя [п’еса “Лявоніха на арбіце”] / А. Я. Макаёнак. – [Б.м., 1960]. – 60 л. ; 16,5х20,0 см. ; 17–19 радкоў. – Іншыя назвы п’есы: “Калі ўсе давольны”, “Апошні басціён”.

60 лістоў рукапіснага тэксту чарнільнай ручкай у агульным сшытку. Тэкст на беларускай мове. На тытульным лісце рукапісу імя і прозвішча аўтара: А. Макаёнак. Крыху ніжэй друкаванымі літарамі назва: “Рагаты басціён”. Ніжэй чарнільнай ручкай пропіссю: “Калі ўсе давольны”. Падкрэслена. Яшчэ ніжэй: (Апошні басціён). З правага боку пад гэтай назвай эпіграф на рускай мове: “Это есть наш последний и решительный бой”. У дужках: (Камуністычны гімн). Унізе ліста: камедыя. Падкрэслена. У тэксце маюцца праўкі, устаўкі і закрэсліванні.

 

Макаёнак, А. Я. Лявоніха на арбіце [Рукапіс] : камедыя ў трох дзеях, чатырох карцінах / А. Я. Макаёнак. – [Б.м., 1960]. – 66 л. ; 21,0х29,5 см. ; 28–30 радкоў.

66 лістоў машынапіснага тэксту на беларускай мове. Рукапіс змешчаны ў кардонавую папку. Прашыты суравымі ніткамі. На тытульным лісце імя і прозвішча аўтара: “А. Макаёнак”. Падкрэслена. Ніжэй – назва п’есы: “Лявоніха на арбіце. Камедыя ў трох дзеях, чатырох карцінах”. Яшчэ ніжэй зялёнымі чарніламі: “апошні праўлены”. На першай старонцы вокладкі чырвоным алоўкам на рускай мове назва: “Левониха на орбите”.

Макаёнок, А. Е. Левониха [Рукопись] : комедия в 3-х действиях : [пьеса “Левониха на орбите”] / А. Е. Макаенок. – Минск, 1960. – 66 л. ; 20, 5х30,5 см. ; 32–34 строки.

66 асобных лістоў рукапіснага тэксту чарнільнай ручкай на рускай мове. На тытульным лісце імя і прозвішча аўтара: Андрей Макаенок. Крыху ніжэй назва: “Левониха”. Падкрэслена. Ніжэй: “(комедия в 3-х действиях)”. Унізе тытульнага ліста: “Минск – 1960”. У тэксце маюцца рэдкія праўкі чарнільнай ручкай і алоўкам чырвонага колеру.

Да выбару года