1953 год

Выбачайте, коли ласка

Камедыя была завершана ў 1953 годзе. Упершыню цалкам  апублікавана  ў часопісе “Полымя” (1953, № 7). У рускім перакладзе п’еса называлася “Камни в печени”. Пазней  была пераведзена на многія мовы народаў СССР. Першымі асобна выдалі п’есу ўкраінцы (Макайонок А. “Выбачайте, коли ласка”. Сатирична комедия на 4 акти. Авторизований переклад з білоруськоі В. Нагорного. Киів, 1954). У 1956 годзе публікавалася на чэшскай мове ў Празе. Беларуская прэса цёпла адгукнулася на выхад новага твора А. Макаёнка. Аднак, па ўспамінах самаго драматурга, сцэнічны лёс “Выбачайце, калі ласка” “спачатку складваўся нявесела”. Нягледзечы на тое, што мастацкі савет тэатра імя Янкі Купалы, дзе меркавалася першая пастаноўка п’есы, рашуча настойваў на ўключэнне яе ў рэпертуар, нічога з гэтага не атрымалася. Недальнабачны чыноўнік, ад якога залежала рэпертуарная палітыка, “проста спалохаўся”. Пэўны час камедыю тэатры дружна ігнаравалі. На шчасце, Андрэя Макаёнка неўзабаве запрасілі на нараду маладых драматургаў, якая праходзіла ў Рызе. Тут п’еса была ўспрынята з сенсацыйнай зацікаўленасцю. Высокая ацэнка п’есы прагучала ў справаздачах з нарады па Усесаюзнаму радыё і ў газеце “Правда”. Пасля гэтага адносіны да камедыі рэзка змяніліся  і яе ўключылі ў свой рэпертуар многія тэатры. Але першым быў усё ж тэатр імя Якуба Коласа. Спектакль коласаўцаў атрымаўся яркім, эмацыянальным і выклікаў жывейшую зацікаўленасць гледачоў. Удалыя акцёрскія вобразы стварылі А. Ільінскі (Моцкін), І Матусевіч (Гарошка), М. Бялінская (Чыхнюк) і інш. Рэжысёр А. Скібнеўскі і акцёры вынаходліва выкарысталі магчымасці, закладзеныя ў п’есе Макаёнка, і стварылі па-сапраўднаму сатырычны спектакль.

Адной з самых удалых атрымалася сцэнічная інтэрпрэтацыя камедыі ў тэатры імя Янкі Купалы. (Рэжысёр К. Саннікаў). Галоўныя ролі выканалі акцёры: Калібераў – Б. Платонаў, Гарошка – Г. Глебаў, Моцкін – У. Дзядзюшка, Ганна Чыхнюк – Л. Ржэцкая, жонка Гарошкі – Галіна Макарава і інш.  “Гадзіны, у якія змясціўся першы паказ гэтага спектакля, – пісаў Максім Лужанін, — можна назваць вечарам таленту”.

З іншых пастановак крытыка вылучала спектакль Цэнтральнага тэатра Савецкай Арміі. П’еса беларускага драматурга А. Макаёнка “Извините, пожалуйста” (“Камни в печени”), пастаўленая цэнтральным тэатрам Савецкай Арміі (рэжысёры А. Папоў, Д. Тункель), адрозніваецца ад такога роду твораў яснасцю ідэі, добрым веданнем жыцця, разуменнем палітычнай сутнасці паказваемага зла” (Советская культура, 1954, 24 красавіка).

Камедыя адыграла ў творчым лёсе драматурга надзвычайную ролю і на доўгі час стала яго візітнай картачкай.

 
Макаёнак, А. Я. Выбачайце, калі ласка [Рукапіс]  : камедыя /  А. Я. Макаёнак. – [Б.м.]. – 1952 – 1953. – 43 л. ; 20,5х29,0 см. ; 34 радкі.

43 асобныя лісты рукапіснага тэксту чарніламі зялёнага колеру. Устаўкі да старонкі 4, 14, а таксама лісты з 50 па 54 і 57, напісаны чарніламі сіняга колеру. Рукапіс пачынаецца з трэцяга ліста. Нумарацыя лістоў парушана. У тэксце шматлікія праўкі аўтара, закрэсліванні і ўстаўкі. На  48 лісце у правым верхнім вугле маецца малюнак простым алоўкам. На  лістах з 10 па 14, ў левым верхнім вугле, чарніламі зялёнага колеру пазначана дата: “29/XII – 52 г.”  На 33 лісце, простым алоўкам, пазначана дата:  3 / I-53.

Да выбару года