Андрэй Ягоравіч Макаёнак

Прывітальныя словы ад Любові Іванаўны Макаёнак да 100-гадовага юбілею Андрэя Макаёнка

Аляксей Ануфрыевіч Дудараў да 100-гадовага юбілею Андрэя Макаёнка «Ёсць Макаёнак Андрэй Ягоравіч…»


Электронны рэсурс “Андрэй Макаёнак – чалавек, драматург, майстра” – краязнаўчы праект, які стаў магчымым дзякуючы чалавеку, які амаль сорак гадоў беражліва захоўваў архіў народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Ягоравіча Макаёнка – ўдаве драматурга Любові Іванаўне Макаёнак.

Менавіта яна ў 2017 годзе прыняла рашэнне перадаць гэты архіў Гомельскай абласной бібліятэцы, дзе ў 2018 годзе на яго аснове была адкрыта Мемарыяльная зала народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка. У яе фондзе захоўваецца каля тысячы рэчаў музейнага прызначэння: гэта рукапісы, дзённікі, дакументы, узнагароды, лісты, фотаздымкі, асабістая бібліятэка драматурга, якая ўтрымлівае кнігі з аўтографамі і інш.

Сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі дазваляюць размясціць у інтэрнэце лічбавыя копіі архіўных дакументаў і забяспечыць даследчыкам, студэнтам, школьнікам і ўсім, хто проста цікавіцца спадчынай вядомага драматурга, доступ да рэдкіх матэрыялаў. Унікальнасць праекта і ў тым, што дакументальна-рукапісная спадчына пісьменніка ў поўным аб’ёме дагэтуль была недаступнай для вывучэння спецыялістамі. Лічбавыя дакументы дазволяць вучоным працаваць з поўнай ідэнтычнай арыгіналу электроннай копіяй рукапісу, не адыходзячы ад свайго рабочага месца, пазнаёміцца з асаблівасцямі почырку, паслядоўнасцю і непаслядоўнасцю запісаў, усім тым, што называецца “жывы тэкст”. Адна з мэтаў праекта – стварыць даследчую пляцоўку для ўсіх, хто зацікаўлены ў вывучэнні творчасці Андрэя Ягоравіча Макаёнка.

Рэсурс “Андрэй Макаёнак – чалавек, драматург, майстра” складаецца з 5 раздзелаў.

  1. “Кругі жыцця” – утрымлівае наступныя матэрыялы: біяграфію пісьменніка, дзённікі, дакументы, узнагароды, асабістую перапіску, бібліяграфію.
  2. “Пра чалавека з пазіцыяй” – уключае дакументы, фотаздымкі, дзелавую перапіску.
  3. “Тэатр – крыніца яго натхнення” – змяшчае афішы, праграмкі, фотаальбомы, а таксама фотаздымкі сцэн са спектакляў.
  4. “Мемарыяльная зала” – утрымлівае звесткі аб адкрыцці і дзейнасці Мемарыяльнай залы драматурга, а таксама “Кнігу водгукаў”, якая знаёміць з запісамі ганаровых гасцей.
  5. “Рукапісы” – утрымлівае рукапісы п’ес, апавяданняў, перакладаў, рэцэнзій, кінасцэнарыяў і артыкулаў.

Матэрыялы ў раздзелах групуюцца ў храналагічным парадку. Прадугледжаны пошук па ключавых словах.

Паважаныя сябры! Электронная БД “Андрэй Макаёнак – чалавек, драматург, майстра” прызначана выключна для даследчай і навуковай працы. Усе правы на размешчаныя тут матэрыялы належаць установе «Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У. І. Леніна». Калі вы захочаце іх скарыстаць для публікацыі ў сваёй кнізе, альбо навуковай працы спасылка на бібліятэку абавязковая.