Біяграфія

Андрэй Ягоравіч Макаёнак – народны пісьменнік Беларусі (1977). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (1974, за трагікамедыю «Трыбунал» і камедыю-рэпартаж «Таблетку пад язык»), Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962, за камедыю «Лявоніха на арбіце»).
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі, «Знак пашаны», медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Украіны і Малдовы. Член СП Беларусі з 1949 г.

Бацька пісьменніка – Ягор Сяргеевіч Макаёнак. 1928 г.
Маці пісьменніка – Малання Міхайлаўна Макаёнак. 1930 г.

Нарадзіўся Андрэй Ягоравіч Макаёнак 12 лістапада 1920 года ў весцы Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Яго дзяцінства было такое ж, як і ў іншых сялянскіх дзяцей таго часу.  Стравы, прыгатаваныя з лебяды, лісця ліпы і нават бацвіння. Бацька быў арганізатарам мясцовага калгаса, вялікім актывістам. Ён не даваў сваім старэйшым сынам Андрэю і Івану, нягледзячы на іх дзіцячы ўзрост, адседжвацца дома. Адпраўляў падлеткаў пасвіць свіней. Хлопцы вырашылі чаргаваць «працадні», каб хоць праз дзень наведваць спачатку мясцовую пачатковую, а потым Шапчыцкую сямігадовую школу. Вучыўся Андрэй Ягоравіч добра: дапытлівасць, імкненне хутчэй вызначыць свой жыццёвы шлях вылучалі юнака сярод яго аднагодкаў. Акрамя вучобы хлопец усур’ёз захапіўся маляваннем, разьбой па дрэву, лепкай з гліны. Бацька падтрымліваў і заахвочваў здольнасці старэйшага сына і пасля сямігодкі адправіў яго ў Рагачоўскі педтэхнікум. Андрэй Ягоравіч правучыўся там усяго некалькі месяцаў. З Рагачова яго забрала маці, якая пашкадавала сына, бо ўбачыла невыносныя ўмовы жыцця ў мнагадзетнай сям’і знаёмых. Сярэднюю адукацыю Макаёнак атрымаў у Журавіцкай школе. Тут раскрыўся яшчэ адзін бок яго адоранай натуры – артыстычныя здольнасці. Юнак з задавальненнем і пэўным акцёрскім майстэрствам дэкламаваў на школьнай сцэне гумарыстычныя вершы, папулярныя ў той час байкі Кандрата Крапівы, імправізаваў у шматлікіх сцэнках. Пасля школы ён нават зрабіў спробу паступіць у Маскоўскі інстытут кінематаграфіі, але не прайшоў выпрабаванне. Паступіў у ваеннае вучылішча, ды хутка зразумеў, што яго сапраўднае прызванне – мастацтва. Таму ён пакінуў вучылішча. Яго прызвалі на службу у рады Чырвонай Арміі. Служыў у страявой часці ў Азербайджане.

Бацькоўская хата
Андрэй Макаёнак на вайсковай службе. 1939 г.

Быў палітруком роты, пазнаў усе цяжкасці вайсковага жыцця. Частыя ваенныя паходы з поўнай выкладкай, бяссонныя ночы падчас баявых трывог гартавалі характар і волю маладога байца, якія спатрэбіліся потым, каб выстаяць у неймаверна цяжкіх франтавых умовах Вялікай Айчыннай вайны. У 1942 годзе Макаёнку давялося ўдзельнічаць у гераічным Крымскім дэсанце. Тады ён быў вельмі цяжка паранены і амаль год знаходзіўся ў шпіталі. Тут таленавіты малады чалавек  напамяць вывучыў амаль усю “Энеіду “ Катлярэўскага на ўкраінскай мове па кнізе, якую падараваў яму шпітальны ўрач Бугаенка. Чалавек-жыццялюб пазней успамінаў не фізічныя пакуты выздараўлення, а спагадлівых урачоў.

На ўсё жыццё ў Андрэя Ягоравіча ў ступнях засталося трынаццаць аскепкаў ад варожай міны, а пасля ранення наогул хацелі ампутаваць ногі, але мужны чалавек не згадзіўся на аперацыю і ў тылавым шпіталі ў Краснадары яму іх ўратавалі. Макаёнкаўская любоў да жыцця, рашучасць, нават рызыка не раз дапамагалі яму ў самых складаных, крытычных жыццёвых сітуацыях.

Малодшы палітрук Андрэй Макаёнак. 1940 г.

Пасля таго, як Макаёнка выпісалі са шпіталя і камісавалі з войска ён апынуўся ў Грузіі. Былы франтавік выкладаў у школе ў адной з далёкіх горных вёсачак. Усяму свету вядома грузінская гасціннасць, якую адчуў у адносінах да сябе і Андрэй Ягоравіч. Паранены беларус стараўся аддзячыць жыхарам вескі: зімой, на хворых нагах ён штодня падымаўся з вучнямі ў горы, каб сабраць хоць некалькі вязанак галля, дэфіцытнага на той час паліва. Калі вызвалілі родную Гомельшчыну, настаўніка на радзіму праводзіла ўся вёска. На пачатку зімы 1943 года Макаёнак вярнуўся у родныя мясціны. На шчасце, у Журавічах уцалела хата, у якой Андрэя Ягоравіча сустрэлі маці, браты і сястра. Ад родных Андрэй Ягоравіч даведаўся, што ў час вайны, за сувязь з партызанамі быў расстраляны бацька, Ягор Сяргеевіч. Макаёнак адразу ўключыўся ў работу. Адукаванага хлопца, былога палітрука, неўзабаве прызначылі сакратаром райкома камсамола. Ён разам з іншымі будаваў жыллё ў вёсках замест лясных зямлянак, арганізоўваў вучэбны працэс у школах, некаторы час нават сам працаваў ваенруком у Журавічах. На камсамольскіх і партыйных пасадах Андрэй Макаёнак працаваў да канца 40-х гадоў. Пасля Журавічаў ён адзін год узначальваў гарком камсамола ў Гродне і прыкладна столькі ж часу загадваў парткабінетам у Магілёве. У гэты ж перыяд адбыўся прыход Макаёнка ў драматургію. У пасляваенныя гады, калі не хапала кніг, тэкстаў п’ес для самадзейных мастацкіх пастановак, малады камсамольскі работнік, каб заняць гарадскую моладзь пасля працоўнага дня, напісаў для аматараў сцэнічнага мастацтва Гродна аднаактовую п’есу “Добра, калі добра канчаецца”. Спроба аказалася ўдалай: твор быў адзначаны дыпломам і прэміяй на рэспубліканскім конкурсе, аб’яўленым упраўленнем па справах мастацтва і культуры БССР. Макаёнка цягнула на радзіму, у Журавічы. Там засталася адна маці з трыма дзецьмі і ўнукам. Працуючы ў Гродне і Магілеве, Андрэй Ягоравіч заўседы клапаціўся пра родных: дапамагаў у сельскагаспадарчых работах, дзяліўся пайком, які выдавалі партработнікам. Але ездзіць да дому было надта далёка, і Макаёнак папрасіў дазволу ў ЦК, каб яго перавялі бліжэй да дому. Просьба была задаволена і ён стаў працаваць у Журавіцкім райкоме партыі памочнікам сакратара. У гэты ж час пазнаёміўся з Іванам Шамякіным, які ўжо выдаў некалькі аповесцяў і апавяданняў.

З братам Іванам Ягоравічам. 1950 г.
Слухач партыйнай школы. 1949 г.

Дружба з вядомым беларускім празаікам працягвалася ўсё жыццё.

Пачынаючыя літаратары праглі ведаў. Яны паступілі ў партыйную школу ў Мінску. Андрэй Ягоравіч і ў час вучобы стараўся падтрымаць сваіх родных: ён прымудрыўся жыць на палову стыпендыі, а другую аддаваў сям’і.

Пасля заканчэння партыйнай школы А. Макаёнак працаваў загадчыкам аддзела прозы часопіса “Вожык”. Пачалася яго актыўная літаратурная творчасць.

Сатырычная камедыя «Выбачайце, калі ласка» (1954) – першая п’еса, якая прынесла яе аўтару заслужаную славу і прызнанне не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Гэта п’еса стала пачаткам літаратурнага лёсу, праграмным творам і творчай візітоўкай Макаёнка-драматурга. А. Макаёнак здзейсніў сапраўдную рэвалюцыю ў жанры драматургіі: ён пісаў не толькі сатырычныя камедыі  («Каб людзі не журыліся», 1959; «Лявоніха на арбіце», 1961; «Таблетку пад язык», 1973), але і трагікамедыі («Трыбунал», 1970; «Зацюканы апостал», 1971; «Пагарэльцы», 1981; «Дыхайце эканомна», якая была апублікавана ў 1983, ужо пасля смерці драматурга). Камедыю «Верачка» (1979) сам аўтар вызначыў так: «сентыментальны фельетон».  Жанр камедыі «Кашмар» (другая назва – «Святая прастата», 1976)  удакладніў: «небяспечная камедыя ў трох дзеях». Аўтарскае вызначэнне «Таблеткі пад язык» – «камедыя-рэпартаж», а трагікамедыі «Дыхайце эканомна» – «п’еса-прытча». Андрэй Макаёнак выдатна спалучаў пісьменніцкую працу з рэдактарскай: чатыры гады загадваў аддзелам прозы ў часопісе «Вожык» і дванаццаць гадоў (1966–1978) быў галоўным рэдактарам часопіса «Нёман» і лічыў гэтую справу вельмі важнай для развіцця нацыянальнай культуры.

Іван Шамякін і Андрэй Макаёнак. 50-я гг. XX ст.
Партрэт Андрэя Ягоравіча Макаёнка. Аўтар – заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Нінэль Іванаўна Шчасная. 1968 г.

Актыўна ўдзельнічаў пісьменнік і ў грамадскім жыцці. У 1965 годзе ў складзе беларускай дэлегацыі прымаў удзел у рабоце Генеральнай Асамблеі ААН, у 70-я гады выконваў абавязкі дэпутата Вярхоўнага Савета рэспублікі. Пра шматграннасць таленту А. Макаёнка сведчаць яго кінааповесць «Твой хлеб», сцэнарыі фільмаў «Шчасце трэба берагчы», «Кандрат Крапіва», «Рагаты бастыён», тэлефільм «Пасля кірмашу», пераклады твораў савецкіх драматургаў на беларускую мову (Аляксандра Карнейчука, Леаніда Зорына і інш.), артыкулы па праблемах драматургіі, тэатра і кіно. Пашыраныя каментарыі «ад аўтара» ўпершыню з’явіліся ў «Зацюканым апостале». Аўтарскія прадмовы і тлумачэнні да тэксту ёсць у «Таблетцы пад язык», «Пагарэльцах», «Верачцы», «Кашмары». Гэта па сутнасці мастацкая проза, якая сведчыла пра вялікі эпічны і лірычны патэнцыял драматурга: А. Макаёнак выношваў мару «напісаць раман. Лірычны». На жаль, мары гэтай не суджана было ажыццявіцца: ён раптоўна памёр 16 лістапада 1982 года. Імя народнага пісьменніка А. Макаёнка прысвоена Гродзенскай цэнтральнай бібліятэцы і Журавіцкай сярэдняй школе Рагачоўскага раёна. Яго імем названа адна з галоўных вуліц нашай сталіцы, на якой ён жыў і на якой знаходзіцца Беларускае тэлебачанне. Імя Макаёнка носіць вуліца ў Гомелі. На радзіме пісьменніка, у Журавічах, устаноўлены помнік (1982). У Журавіцкай сярэдняй школе створаны музей, прысвечаны знакамітаму земляку, а у Гомельскай абласной бібліятэцы – Мемарыяльная зала народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка.